Да 100-годдзя з дня нараджэння Аркадзя Куляшова
Арка́дзь Алякса́ндравіч Куляшо́ў (6 лютага 1914, Саматэвічы — 4 лютага 1978, Нясвіж) — беларускі савецкі паэт, народны паэт БССР (1968).
Нарадзіўся ў сям’і настаўніка ў вёсцы Саматэвічы Клімавіцкага павету, Магілёўскай губэрні (зараз Касцюковіцкі раён Магілёўскай вобласці). Аляксандар Мікалаевіч, бацька Аркадзя Куляшова, пэўны час жыў у Маскве, калі быў маладым. Там ён спяваў у народным хоры. Маці Аркадзя Куляшова Кацярына Фамінічна Ратабыльская таксама спявала. Ад 1921 да 1928 году А.Куляшоў вучыўся ў Саматэвіцкай школе-сямігодцы.
Пачаў друкавацца ў 1926 (першы верш апублікаваў у клімавіцкай акруговай газеце «Наш працаўнік»). У рэспубліканскім друку першыя вершы з'явіліся ў 1927 г. у часопісе «Чырвоны сейбіт».
У 1928 годзе паступіў у Мсціслаўскі пэдтэхнікум, дзе пазнаёміўся са Змітраком Астапенкам ды Юліем Таубіным. У 1930 годзе пераехаў у Менск, дзе ад 1931 году працягнуў навучаньне на першым курсе літаратурнага факультэту Беларускага вышэйшага пэдагагічнага інстытуту, дзе вучыўся да вясны 1933 году. Уваходзіў у БелАПП (Беларуская асацыяцыя пралетарскіх пісьменьнікаў). У 1934 годзе прыняты ў Саюз беларускіх пісменьнікаў. У 1934 годзе працаваў у рэдакцыі газеты «Чырвоная змена», з 1934 да 1936 году — на Беларускім радыё, літкансультантам пры Саюзе беларускіх пісменьнікаў. 27 студзеня 1936 у сям’і Аркадзя Куляшова ды Аксаны Фёдараўны Куляшовай (Вечар) нарадзілася дачка Валянціна.
Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны (з 1941 да 1943 году на фронце працаваў у армейскай газеце «Сцяг Саветаў» («Знамя Советов»), з 1943 да 1945 году — у Беларускім штабе партызанскага руху).
Пасля вайны на працягу 1945—1946 гадоў быў рэдактарам газеты «Літаратура і Мастацтва», потым старшынём сцэнарнага аддзелу, і ўрэшце з 1958 да 1967 году галоўным рэдактарам кінастудыі «Беларусьфільм».
Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР 2—8-га скліканьняў (1947—1978). У 1961 г. у складзе дэлегацыі БССР удзельнічаў у рабоце XVI сэсіі Генэральнай Асамблеі ААН.
Памёр у ноч на 4 лютага 1978 у санаторыі ў Нясвіжы, пахаваны ў Менску на Ўсходніх могілках.